Музей Берлін-Карлсхорст знаходзіцца ў будынку былога афіцэрскага клуба ў Берліне, дзе 8 мая 1945 г. быў падпісаны Акт аб безумоўнай капітуляцыі германскіх узброеных сіл, што азнаменавала канец Другой сусветнай вайны ў Еўропе. Музей прысвечаны гісторыі Другой сусветнай вайны з акцэнтам на германска-савецкія адносіны. Тут выстаўляюцца разнастайныя экспанаты, у тым ліку гістарычныя дакументы, фатаграфіі і ваенныя артэфакты, якія ілюструюць жудасныя падзеі і пакуты ў часе вайны.

З сярэдзіны 2020 г. музей працуе над дыгіталізацыяй сваёй калекцыі, у якую ўваходзіць каля 17 000 прадметаў. Адзін з алічбаваных экспанатаў — ваўняная коўдра памерам 155×152,5 см, перададзеная музею ў 2007 г. Людмілай Раманенка. Калі яна была маленькая, яе дэпартавалі ў канцэнтрацыйны лагер Азарычы, дзе яна сагравалася пад гэтай коўдрай. Пасля вызвалення яна забрала коўдру, якая ўратавала яе ад смерці, з сабой.


Museum Berlin-Karlshorst: “208709: Decke von Ljudmila Romanenko, Belarus, 1940er Jahre”. Рэжым доступу: berlin.museum-digital.de/object/81818, 05.10.2023 (Дата звароту: 30.06.2024).